Скончыць іграць залаты паланэз.
Срэбная з неба ляціць калясніца,
Поўная снегу і белых імпрэз.
(Радкі з верша Галіны Бабарыкі «Мелодыі»)
Суботнім восеньскім ранкам пакідаем Гродна і накіроўваемся па маршруце Навагрудак-Літоўка-Лаўрышава-Райца.
Навагрудчына сустракае нас дажджом…
Першая сталіца ВКЛ, вузкія вулачкі, сцены старажытнага замка… Першы наш прыпынак – Карцінная галерэя Кастуся Качана. У будынку, выкананым у стылі традыцыйнай шляхецкай сядзібы, знаходзяцца дзве выставачныя залы і майстэрня мастака. На базе галерэі праводзяцца творчыя сустрэчы, літаратурныя і музычныя прэзентацыі, майстар-класы, семінары, трэнінгі, пленэры. Акрамя гэтага сабрана калекцыя шкла, мэблі і прадметаў побыту мінулых часоў.
З Навагрудка мы рушылі ў вёсачку Літоўка, дзе на беразе старадаўняга возера размясцілася незвычайная сядзіба. Наша з ёй знаёмства пачалося з аўтобуснага прыпынку, аформленага па матывах «Гражыны» Адама Міцкевіча. Затым пераходзім рачушку, над якой расправіў крылы цмок. Падыходзім да самой сядзібы, дзе нас сустракае мноства герояў фэнтэзі. У гэтым месцы ўвасобіліся самыя непрадказальныя мары і фантазіі…
Трэці наш прыпынак – Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, адзін з найбольш старадаўніх у Беларусі. Мост праз Нёман – быццам своеасаблівая мяжа, перайшоўшы якую, ты адчуваеш сябе зусім па-іншаму. Унікальнае месца напаўняе душу цеплынёй і спакоем. І ты ведаеш, нават яшчэ не пакінуўшы гэта святое месца, што вернешся сюды не раз…
Надзіва дождж спыніўся. І наш візіт у манастыр і далейшая дарога былі абагрэты сонцам.
Цёплы прыём чакаў нас у аграгарадку Райца, дзе мы наведалі царкву Святой вялікамучаніцы Варвары, пабудаваную ў 1817 годзе. Айцец Аляксей расказаў нам пра з’яўленне царквы, яе няпросты лёс і пра мару аднавіць яе першапачатковы выгляд (у тым ліку фрэскі і вітражы, якія былі знішчаны падчас пажару). Апантанасць а. Аляксея сваёй працай натхніла нас усіх.
На такой пазітыўнай ноце мы накіраваліся да дому, ў Гродна.
P.S.: Асобную падзяку навуковая бібліятэка выказвае прафкаму ўніверсітэта за ўдзел у арганізацыі дадзенага мерапрыемства і матэрыяльную дапамогу.