15 верасня — дзень бібліятэк Беларусі

Добрай бібліятэчнай традыцыяй стала адзначаць прафесійнае свята – Дзень бібліятэк Беларусі – вандроўкай па гістарычных мясцінах Беларусі.

У гэтым годзе шлях ляжаў па гарадзенскай і брэсцкай зямлі: першым прыпынкам стаў Ружанскі палацавы комплекс роду Сапег у Пружанскім раёне. Супрацоўнікі навуковай бібліятэкі і ветэраны бібліятэчнай справы мелі магчымасць убачыць адноўленую браму і рэшткі ўнікальнага палаца. Пасля завіталі ў музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі і палац Пуслоўскіх у Косаве на Івацэвіччыне. А па дарозе дамоў не абмінулі дзве знакавыя святыні зямлі Гарадзенскай: Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр каля Слоніма (многія з удзельнікаў экскурсіі здзейснілі ўласны подзвіг – акунуліся ў Жыровіцкую купель!) і помнік дойлідства 15 стагоддзя – Царкву Святога Міхаіла Архангела ў Сынкавічах, што непадалёк ад Зэльвы.

Немагчыма не зазначыць, што падобныя вандроўкі наўрад ці маглі б адбыцца без фінансавай дапамогі прафкама супрацоўнікаў універсітэта, якому і выказваем шчырыя словы ўдзячнасці!